Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2018 год падвёў Лідскі раён

15 лютага 2019 года ў Палацы культуры горада Ліды адбылося  падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця папярэднага 2018 года. Сярод галоўных герояў урачыстасці – прадстаўнікі ўсіх галін народнай гаспадаркі: прамысловасці, будаўніцтва, работнікі лёгкай і харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання, гандлю, сувязі…

Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Карповіч. Ён агучыў асноўныя эканамічныя і сацыяльныя паказчыкі рэгіёна за мінулы год.

 

– Лідскі раён захаваў лідзіруючыя пазіцыі ў турнірнай табліцы Гродзенскай вобласці па большасці ключавых паказчыкаў, – адзначыў Міхаіл Канстанцінавіч. – Наш рэгіён быў прызнаны пераможцам у штогадовым абласным спаборніцтве за высокія паказчыкі ў прамысловасці і сацыяльна-культурнай сферы. Увогуле, прамысловы комплекс прадэманстраваў значны эканамічны рост. А ён, як і раней, фармуе аснову эканомікі ўсяго рэгіёну. Каля 70% усёй выручкі паступае менавіта ад яго дзейнасці. Летась выпуск прадукцыі дасягнуў больш за адзін мільярд рублёў, пры гэтым звыш 65% ад выпускаемай прадпрыемствамі Лідчыны прадукцыі прадаецца за межы рэспублікі, а гэта каля 330 мільёнаў вылютнай выручкі. Геаграфія экспарту нашых прадпрыемстваў расшырылася да 10 дзяржаў свету, колькасць краін-партнёраў узрасла да 80. Упершыню лідскія тавары з’явіліся ў Перу, Мексіцы, Нігерыі, Кеніі і іншых краінах. Прадпрыемствы захоўваюць лідзіруючыя пазіцыі і на айчынным рынку, пра што сведчаць перамогі ў конкурсах “Народная марка”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”.

У раённым спаборніцтве абсалютным лідарам стаў калектыў замежнага прадпрыемства “Белтэкс Оптык”, дырэктарам якога з’яўляецца Алег Матусевіч.

Высокіх вынікаў дасягнула і рэспубліканскае прадпрыемства “Конус” – дырэктар Андрэй Жамойда.

 

Добрыя паказчыкі мае таксама прадпрыемства “ЛІПЛАСТ-СПб”, узначальвае якое Ігар Рышкевіч.

Няпростым выдаўся мінулы год для сельскай гаспадаркі. У сувязі з правядзеннем у рамках Указа кіраўніка дзяржавы фінансавага аздараўлення сельсгаспрадпрыемстваў, пераможцы сярод іх не вызначаліся.

– Дзякуючы дарожным і будаўнічым арганізацыям на працягу 2018-га ў Лідзе з’явіліся новыя жылыя забудовы, была палепшана інфраструктура, – працягваў старшыня райвыканкама. – Летась амаль 850 сем’яў адзначылі наваселле, а гэта жыхары 10 шматкватэрных дамоў. Завершана рэканструкцыя вуліцы Свярдлова, скончана ўладкаванне 11 праездаў у раёне Маладзёжнага і Чэхаўцоў, адрамантавана каля 23 кіламетраў дарог мясцовага значэння. Завяршаецца маштабны праект па рэкансрукцыі дарогі М6, участак якой праходзіць і па тэрыторыі Лідскага раёна. Здаць дарогу плануецца да старту II Еўрапейскіх гульняў.

Сярод будаўнічых арганізацый пераможцам прызнаны калектыў “Будвектара” (дырэктар Віктар Петерс).

Справілася са сваімі задачамі і Лідскае ГУП ЖКГ. На іх рахунку капітальны рамонт 20 жылых дамоў, будаўніцтва станцый абезжалезвання ў Мінойтах і Ходараўцах.

У 2018 годзе набыло развіццё і гандлёвае абслугоўванне жыхароў раёна. У прыватнасці, прыраслі гандлёвыя пляцоўкі, адкрыліся новыя кафэ сучаснага фармату, объкты бытавога сэрвісу. Развіццё атрымала і прыватная ініцыятыва. Было зарэгістравана прыкладна на 20% больш новых суб’ектаў прадпрымальніцтва. Падатковыя паступлення ад прыватнага бізнэса перавысілі амаль чатыры часткі ад усіх плацяжоў.

– Эканоміка працуе для таго, каб развівалася сацыяльная сфера, – дадаў Міхаіл Карповіч. – У мінулым годзе на яе ўтрыманне было напраўлена 108 мільёнаў рублёў, або амаль 80% расходнай часткі бюджэта. Ужо атрымана адабрэнне па чатырох праектах трансгранічнага супрацоўніцтва. Гэта дадатковыя магчымасці накіраваць на сацыяльныя патрэбы больш аднаго мільёна еўра.

Глава рэгіёна падкрэсліў, што вялікая ўвага надаецца развіццю аховы здароўя. Лідская бальніца пачала працу ў рэжыме міжраённага рэсурснага цэнтра, дзевяць аддзяленняў ужо аказваюць дапамогу жыхарам суседніх раёнаў. У раённым спаборніцтве за поспехі ў ахове здароўя ганаровынм Дыпломам адзначаны калектыў аддзялення дзіцячай хірургіі (загадчык Юрый Якаўчык).

Ішла размова і пра дасягненні ў адукацыі, культурнай сферы, спорце.

– Дзякуючы сумеснай працы, адбыліся значныя перамены і створаны добры зачын на 2019 год як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы, – на заканчэнне сказаў кіраўнік раёна. – Мы ставім перад сабой амбіцыйныя задачы, якія могуць быць увасоблены ў жыццё толькі агульнымі намаганнямі кожнага з нас.

Затым адбылося ўшанаванне лепшых прадпрыемстваў і арганізацый, іх прадстаўнікоў.